Марафон дружбы 2015

19 июля 2015 года состоялся уже в 5-ый раз марафон дружбы. Дистанцию в 42км 195м между двумя городами Гродно (Беларусь) и Друскенинкай (Литва) в этот раз вышли преодолеть 181 участник, из 250 зарегистрированных на пробег. География любителей бега в этом году была обширна, так помимо Беларуси и Литвы были участники из Украины, России, Польши, Германии, Финляндии, Турции, Австрии и Италии. Самым многочисленным беговым клубом на марафоне второй год подряд стал Run4Fun.by. Представляем вниманию отчет об этом знаменательном беговом событии нашего друга Юрася Каласоўскага: 

Марафон дружбы, або Сяброў шмат не бывае

Сёлета я ў трэці раз прабег Міжнародны марафон дружбы Гродна-Друскенікі, у трэці раз атрымаўшы безліч пазітыўных эмоцый ад сустрэчы з сябрамі і знаёмымі.

Да Гродна з Магілёва ехаць далёка – 472 км, калі паглядзець на знак пачатку дарог у цэнтры горада на Нёмане.

Гродно

Гродно

Таму ў Гародню люблю ехаць начным цягніком. Гэтым разам вырашыў дабірацца з перасадкай у сталіцы, паколькі прамога цягніка ў гэты дзень не было. А 0.40 выехаўшы з Магілёва, ужо а палове на 12-ю я быў на месцы.

Паколькі часу яшчэ было багата, спачатку завітаў у музей гісторыі Гарадніцы, прысвечаны рэфарматарскай дзейнасці ў Гродне надворнага падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза. У перыяд з 1765 па 1785 Тызенгаўз перабудаваў прадмесце Гарадніца і фактычна зрабіў з яго новы адміністрацыйны, культурны і прамысловы цэнтр, які ўключаў шэраг будынкаў разнастайнага прызначэння. Тут прадстаўлены макет Гарадніцы, экспаніруюцца тавары гродзенскіх каралеўскіх мануфактур XVIII стагоддзя. Таксама ў музеі экспанавалася вельмі цікавая, як на мой погляд, выстава “Выцінанка: ад традыцыі да сучаснасці”.

Гродно

Гродно

Паабедаўшы і прагуляўшыся па цэнтра Гародні, пайшоў на рэгістрацыю, дзе сустрэўся з сябрамі і добрымі знаёмымі: Аляксеем Чамаданавым, Сцяпанам Рагаўцовым і Паўлам Кулешом. Павел, з якім разам едзілі ўжо не на адзін прабег, запрасіў да сябе ў госці.

Паабедаўшы і адпачыўшы, выходзім разам з Паўлам на прабежку ў яго родных Верцялішках. Бегаем мала – тры кіламетры ў спакойным тэмпе. Беглася цяжкавата – супакойвала тое, што перад марафонам у мяне так і бывае: усё ж такі дыета і некалькі дзён адпачынку.

Увечары вяртаемся ў Гародню, дзе ідзём у госці да нашага сябра Віці Шумеля, які праз траўму сёлета не змог прыняць удзел у марафоне. Павячэраўшы, ідзём адпачываць.

Паколькі старт марафона празначаны на 8 раніцы, прачынаемся а палове на шостую. Лёгкі сняданак  – чай і аўсянае печыва з мёдам – і мы ўжо выязджаем на стадыён.

Прайшоўшы пашпартны кантроль, размінаемся, вітаючыся з сябрамі-марафонцамі. Так прыемна зноў пабачыць бегуноў з Мазыра, Мінска, Баранавічаў, украінскага Ковеля і лістоўскай Ёнавы! А тым часам нас фатаграфуе Віця, які не толькі вырашыў папрацаваць на марафоне фатографам, але і дапамагаць бегунам на дыстанцыі, падвозячы энергетычныя напоі, ваду.

марафон дружбы 2015

Перад кожным марафонам стаўлю сабе пэўную мэту. На гэты раз хацелася прабегчы лепш, чым было ў 2014 годзе (02.57.00). Пахмурная раніца падымае настрой, прыемна, што і днём сіноптыкі не абяцалі спёкі.

І вось 180 чалавек выходзяць у стартавы калідор, каб пачуць вітальныя словы арганізатараў марафона, павітацца і настроіцца на пераадоленне сябе. Перад стартам паспяваю перкаінуцца словамі са Сцяпанам Рагаўцовым, пераможцам Марафона дружбы 2013 і 2014 гадоў.

– Змагайся, Сцяпан! Поспеху табе! – кажу Сцяпану.

 – І ты змагайся, зямляк! – чую ў адказ.

старт марафона дружбы 2015

Са старта пачынаю бегчы ў размераным тэмпе, выбіраючы сабе “спадарожнікаў”. Перад марафонам, размаўляючы з Аляксеем Чамаданавым – адным з арганізатараў марафона, старшынём клуба аматараў бегу “Run4fun”, марафонцам і проста маім сябрам, даведаўся, што ён будзе бегчы марафон у межах трох гадзін.

Таму, пачаўшы бег, шукаю вачыма Аляксея, а, пабачыўшы сябра, далучаюся да яго. Бяжым разам у складзе групы з 10-12 чалавек. Мы з Аляксеем вядзём групу, кантралюючы тэмп: 4.10-4.15 хвілін на кіламетр. Разам з намі бягуць і лідары дзяўчат: Крысціна Багамяткава з Адэсы, Вольга Камінская з Магілёва і Сафія Ярэмчук са Львова.

на трассе марафона дружбы 2015

Прабягаем 5 км, бярэм ваду на першым пункце сілкавання. Я выходжу наперад і паступова пакідаю групу, дабіраючы бегуноў, якія бягуць перада мной. Па трасе мяне пачынае весці веласіпедыстка Даша, з якой    раз-пораз перакідваюся словамі. На 10-м кіламетры даганяю яшчэ аднаго марафонца (як аказалася, паляка) і вырашаю крыху “пасядзець” за ім. Гэтае “крыху” расцягваецца ажно на 8 км! Пасля чарговага пункта сілкавання выходжу наперад і паціху даганяю яшчэ аднаго марафонца, з якім разам бяжым некалькі кіламетраў.

Палову дыстанцыі прабягаю за 1.26.15, апярэджваючы графік мінулага года на 35 секунд. Адчуваю сябе добра, нават паспяваю крыху папазіраваць Віцю, які, заязджаючы наперад на веласіпедзе, фатаграфуе марафонцаў. Дарэчы, акрамя фатаграфавання, Віця дае мне ізатонік.

на трассе марафона дружбы 2015

Дапамагае і Даша: дае ваду, падвозіць губку, банан.

– А вас даганяюць, – гаворыць яна недзе на 30-м кіламетры.

І сапраўды, азірнуўшыся, бачу, што мяне амаль дагнала група з трох марафонцаў на чале з Аляксеем Чамаданавым.

– Давай з намі, Юрась, – запрашае Аляксей далучыцца да групы.

– Не, я ў сваім тэмпе. Але ж ты не на тры гадзіны бяжыш! – адказваю Аляксею.

– Гэта Сафія разганяе, – адказвае Аляксей, намякаючы на львавянку, якая бегла побач.

Прапусціўшы іх наперад, набліжаюся да мяжы. Каб падсілкавацца, дастаю гель, які запіваю вадой, што падае Даша. Развітваюся з веласіпедысткай, падзякаваўшы ёй за дапамогу. Мяжу перасякаю ў 20-30 метрах за групай Аляксея.

Абганяю аднаго марафонца, наперадзе бачу іншага, імкнуся дагнаць і яго. “Калі хочацца даганяць, а не азірацца назад, значыць, адчуваю сябе добра”, – думаю я. І сапраўды, папіўшы вады на 33-м кіламетры, адчуваю, што магу бегчы ў запланаваным тэмпе і далей. Абганяю марафонца, які, спыніўшыся, пачаў проста ісці.

Паварот на Друскенікі – да фінішу застаецца яшчэ 4 кіламетры. Цярплю, а на 40-м кіламетры мяне абганяе Вольга Камінская. Стараюся трымацца за ёй, бегучы ўжо па вуліцах Друскенікаў.

Мінаючы шыльдачку з надпісам “41 км”, гляджу на секундамер: 2.50.30 –разумею, што палепшу свой леташні вынік.

Апошнія сотні метраў праходзяць па пешаходнай Віленскай вуліцы, дзе некаторыя з мінакоў воклічамі і воплескамі вітаюць марафонцаў.

Нарэшце бачу фішіншую браму, паскараюся і, цалуючы падораны каханай дзяўчынай пярсцёнак, фінішую, каб атрымаць медаль з рук Аляксея Чамаданава, які фінішаваў на некалькі хвілін раней, і віншаванні ад Вітаўтаса Лучынскага – арганізатара марафона з літоўскага боку.

на финише марафона дружбы 2015

Віншую з перамогай Сцяпана Рагаўцова, з трэцім месцам – Аляксандра Галаўніцкага з Ковеля. Тым часам фінішуе Павел Кулеш з часам 3.02.14. Разам ідзём на замінку, пасля якой – душ у аквапарку і смачны абед у рэстаране “Каланада”.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання з групай марафонцаў на чале з Аляксеем Чамаданавым, які папярэдне прапанаваў застацца адпачыць у Друскеніках яшчэ на дзень, ідзём засяляцца ў гатэль.

Крыху адпачыўшы, едзем у лазню, дзе нас чакае не толькі ўнікальны лазеншчык Раймандас і адмысловая парылка, але і смачная вячэра.

Дзень завяршаем урачыстай вячэрай пры свячах у рэстаране. Аляксей просіць сказаць тост, адзначаючы: “Хочацца пачуць беларускую мову”. ­ “За дружбу, якая не ведае межаў, за сяброўства, якое дазваляе арганізаваць такія мерапрыемствы, як гэты марафон!” – кажу я.

На наступны дзень у кожнага з нас свая праграма: хто проста ідзе гуляць па горадзе, хто накіроўваецца ў аквапарк, хтосьці вырашае пакатацца на лыжах ці снаўбордзе на “Сноў-арэне”. Я прагульваюся па гарадскім парку і наведваю музей гісторыі Друскенікаў.

Друскенинкай

Друскенинкай

Вяртаючыся назад, падумаў, што гэты марафон называецца Марафонам дружбы не проста так. І зараз, згадваючы, як гасцінна сустрэў мяне Паша Кулеш, як запрасіў застацца яшчэ на дзень у Літве Аляксей Чамаданаў, як дапамог з начлегам Віця Шумель, як вяла мяне па трасе веласіпедыстка Даша, як цёпла павіталі мяне Сцяпан Рагаўцоў з Аляксандрам Галаўніцкім, я ў чарговы раз пераконваюся ў гэтым. І таму ўжо сёння з ўпэўненасцю магу сказаць: у 2016 годзе вельмі хачу прыехаць на гэты марафон зноў, каб не толькі пастарацца палепшыць свой вынік, але найперш акунуцца ва ўнікальную атмасферу добразычлівасці і сяброўства, якое сапраўды не ведае межаў!

Юрась Каласоўскі, Магілёў

Читайте также:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *